Заснавальніца фестывалю “Паўночнае ззянне”, прадзюсарка, рэжысёрка
Воля Чайкоўская нарадзілася ў Беларусі. Пасля 11 гадоў працы ў медыя Воля атрымала ступень магістра рэжысуры і прадзюсавання дакументальнага кіно ў Baltic Film and Media School (Талін, Эстонія). У 2016 годзе яна заснавала прадзюсарскую кампанію Volia Films. У гэтым жа годзе Volia Films выпусціла поўнаметражны дакументальны фільм “Дарога” (рэж. Дзмітрый Калашнікаў). Сусветная прэм’ера фільма адбылася на IDFA First Appearance Competition, у выніку “Дарогу” можна было паглядзець больш чым на 80 кінафестывалях. Воля Чайкоўская – сябра Еўрапейскай кінаакадэміі, выпускніца Emerging Producers Network 2018, а таксама ўдзельніца трэнінгу CICAE для прафесіяналаў мастацкага кіно на Венецыянскім кінафестывалі 2016 года. Акрамя гэтага, Воля – заснавальніца і дырэктарка фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін у Беларусі “Паўночнае ззянне”. Фестываль паказвае ігравыя і дакументальныя нардычныя ды балтыйскія фільмы, а таксама незалежнае беларускае кіно; у межах кінафэсту развілася і моцная Індустрыйная платформа з лекцыямі, майстар-класамі і іншымі івэнтамі.
У 2019 годзе Воля далучылася да прадзюсарскай кампаніі Allfilm як прадзюсарка і рэжысёрка. Цяпер Воля актыўна працуе як прадзюсарка над некалькімі праектамі, гэта “72 гадзіны” (рэж. Ганна Саўчанка), а таксама рэжысуе і прадзюсуе свой першы поўнаметражны фільм “Чыясьці жонка”.
У цяперашні час жыве ў Эстоніі.
Фільмаграфія
Рэжысёрка:
2024 Чыясьці жонка
2020 Маё ўяўленне пра сябе
2020 Агульная мова
Прадзюсарка
2024 Чыясьці жонка
2024 72 гадзіны, рэж. Ганна Саўчанка (супрадзюсарка)
2022 Ёёгі, рэж. Макс Галамідаў
2019 Свята, рэж. Уладзімір Логінаў
2019 Чыстае мастацтва, рэж. Максім Швед (супрадзюсарка)
2018 Мая бабуля з Марса, рэж. Аляксандр Міхалковіч
2016 Тэст-730, рэж. Дар’я Кароль
2016 Дарога, рэж. Дзмітрый Калашнікаў